На фоне мінулых, цяперашніх і будучых падзей хачу сказаць некалькі словаў розным групам насельніцтва. Па-першае, тым, хто ходзіць на акцыі і бярэ ў іх удзел: не нервуйце міліцыянтаў і АМАПаўцаў зваротамі да іх сумлення і грамадзянскай пазіцыі - ад іх яны робяцца яшчэ больш нервовымі. Зразумейце, калі ў міліцыю ідзе адбор людзей хоць з якой фантазіяй і гнуткасцю розуму, каб яны маглі шукаць хутка рашэнне ў нестандартных сітуацыях (як, напрыклад, участковыя), то ў АМАП адмыслова бяруць кандыдатаў, чый інтэлектуальны ўзровень не перавышае пэўную адметку - гэта робіцца з рознымі мэтамі. Каб яны не задумваліся над выкананнем загаду. Каб яны добра ўбіралі ў сябе ўсё тое, што ім бадай кожны дзень уліваюць на ідэалагічных гадзінах - а там, скажу вам, глузды ім прамываюць ой як добра. Для іх усе, хто выйшаў на акцыю супраць дзеючай улады - здраднікі Беларусі і Радзімы, купленыя дзярждэпам і г.д. (усё пералічваць не буду). Вы для іх апрыёры ворагі, яны ставяцца да вас як для ворагаў. І да дзяцей вашых ставяцца як да дзяцей ворагаў народу і краіну. І да сямейнікаў вашых як да ворагаў. Выходзячы на акцыю, нарэшце ўразумейце - вы для іх ворагі, што б вы там ні казалі. Жыхары Беларусі, дарэчы, таксама шмат чаго праўдзівага казалі паліцаям, што выйшлі з іх жа вёсак - і потым тыя самыя вёскі палілі. Праўдзівыя словы не памагаюць. Напэўна, калі вас успрымаюць як ворагаў, то і вам прыспеў час перастаць шукаць у іх чалавечае і найперш успрымаць як ворагаў. Так прынамсі вам будзе спакайней. Па-другое, тым, хто ходзіць у горадзе міма акцый і нават не плануе ў іх удзельнічаць (хаця гэта датычыцца і першай групы): - ідучы ў горад, бярыце з сабой шкляную бутэльку з ліманадзікам. Заўсёды зможаце асвяжыцца, асабліва, калі вернецеся дадому. - ідучы ў горад, надзявайце добрую шматслаёвую маску, а яшчэ лепш прамысловы (будаўнічы) рэспіратар. А яшчэ будаўнічыя шчыльныя акуляры, каб нішто ў вочы не трапіла. Самі ведаеце - каронавірус, смог і іншыя газы ў наш час не спрыяюць здароўю. Кепская газавая экалагічная абстаноўка можа выклікаць нечаканую цечу слёзаў паблізу правядзення акцый. - не хадзіце па аднаму. Раптам вам кепска станецца. А раптам вам і вашаму сябру побач. А раптам і сябру вашага сябра побач. У талацэ з дзесяці чалавек заўсёды каму-небудзь застанецца ўсё добра і ён паможа іншым - ну там, хуткую дапамогу выклікае, скажам. Адным словам, будзьце здаровы, жывіце багата. Усіх люблю-цалую.

Теги других блогов: здоровье акции протест